ТАВАРЫ́СТВЫ НА СУМЕ́СНАЙ АПРАЦО́ЎЦЫ ЗЯМЛІ́ (ТАЗ),

найпрасцейшая форма добраахвотнага аб’яднання сялян для сумеснай гасп. дзейнасці. Існавалі ў СССР да суцэльнай калектывізацыі сельскай гаспадаркі. Далучалі сялян да вядзення калект. гаспадаркі.

У т-вах абагульвалася толькі зямля і сродкі вытв-сці, а праца сялян аб’ядноўвалася ў перыяды с.-г. работ. Прыбыткі размяркоўваліся адпаведна колькасці абагуленай зямлі, колькасці і якасці працы. Існавала таксама размеркаванне прыбыткаў па колькасці едакоў, выкарыстаных сродкаў вытв-сці і рабочай жывёлы. За кошт прыбыткаў т-ва набывалі сродкі вытв-сці і прадукцыйную жывёлу. У 1929 у СССР ТАЗы складалі 60% агульнай колькасці калект. гаспадарак. На Беларусі ў 1927 было 78 т-ваў. У час масавай калектывізацыі яны ператвораны ў сельскагаспадарчыя арцелі.

т. 15, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)